Вячаслаў Адамчык

 


Вячаслаў Уладзіміравіч Адамчык нарадзіўся 1 лістапада 1933 года ў вёсцы Варакомшчына, зараз гэта Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці.

Бацькі пісьменніка, Уладзімір і Браніслава, жылі ў бядоце, сам творца не раз успамінаў: “…маладая сям’я, аддзяліўшыся ад дзеда Тодара, знайшла прытулак ў падпаветцы, дзе стаялі вазы, сані, плугі, бароны і іншыя сялянскія прылады і рэчы. Там бацька адгарадзіў куток, прабіў аконца і паставіў невялікую печ”.



Дзяцінства Вячаслава прыпала на гады Вялікай Айчыннай вайны. Падчас акупацыі ён пачаў вучыцца ў сямігодцы ў Наваельні. Каб дапамагаць бацькам, юнак перавёўся на вячэрняе навучанне і пайшоў працаваць грузчыкам на чыгуначную станцыю.

Ужо тады пачаў пісаць вершы, якія друкавала раённая газета “За новую вёску”. Малады аўтар насіў свае творы ў рэдакцыю за 15 кіламетраў пехатою. Але пачаткам творчага шляху крытыкі і сам пісьменнік лічылі 1957 год, калі былі надрукаваны першыя апавяданні “Свой чалавек”, “Зоня”.

Пісьменнік стаў працаваць у рэдакцыях часопісаў “Нёман”, “Полымя”, “Маладосць”, на кінастудыі “Беларусьфільм”, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, досыць доўга быў галоўным рэдактарам дзіцячага часопіса “Бярозка”.

Памёр ад цяжкай хваробы ў 2001 годзе ў Мінску, калі яму было 67 гадоў.


Урок дадатковага чытання (5 клас)

Вячаслаў Адамчык. “Маці”. Увасабленне дабрыні і бескарыслівасці ў вобразе самага дарагога чалавека на зямлі

Мэты:

пазнаёміць з апавяданнем Вячаслава Адамчыка “Маці”, прааналізваваць яго будову і ахарактарызаваць дзейных асоб;

развіваць маўленне, уменне аналізаваць мастацкі твор;

выхоўваць дабрыню, адказнасць, спачуванне да блізкага чалавека.

Вучэбна-метадычнае забеспячэнне: апавяданне Вячаслава Адамчыка “Маці”, партрэт пісьменніка, фотаздымкі сям’і, галерэя кніг пісьменніка.

Эпіграф:  Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб прадоўжыліся дні твае, і каб добра табе было на зямлі.

                                                           З Бібліі: 5 Запаведзь Закона Божага

Ход урока

I.   Арганізацыйны этап.

               Добры дзень! Рада вітаць вас на сённяшнім уроку беларускай літаратуры. Сёння ў нас не звычайны ўрок, а своеасаблівая споведзь. Хацелася б, каб вашы сэрцы і душы былі адкрыты для шчырай размовы. А гаворка на ўроку пойдзе пра вобраз, якога не мінуў у сваёй творчасці ні адзін значны пісьменнік, мастак, скульптар, паэт. Гэты вобраз – увасабленне дабрыні, самаахвярнасці, бескарыслівасці. Ён называецца кароткім, але вельмі дарагім для чалавека словам – маці.

II.         Мэтаматывацыйны этап.

 Паслухайце мініяцюру Валянціны Асеевай “Прагная маці”.

  Калі хлопчык быў маленькі, людзі гаварылі:

-       У гэтага дзіцяці прагная маці: яна ніколі не дасць яму нават цукеркі, не падзяліўшы яе папалам.

Калі хлопчык вырас, людзі гаварылі:

-       У гэтага хлопца шчаслівая маці: ён ніколі не з’есць кавалка, не падзяліўшыся з ёю папалам.

Слова настаўніка: Дык якая яна, маці? Складзіце сінквейн да слова “маці”, абмяркуйце яго ў пары, а потым разам з групай падрыхтуйце агульны. Для афармлення сінквейна выкарыстоўвайце каляровыя алоўкі.

     

Маці

Родная, пяшчотная.

Любіць, перажывае, дапамагае.

Маці – самы родны чалавек.

Родная душа

 

Маці

Адзіная, добрая.

Ахоўвае, турбуецца, падтрымлівае.

Маці – гэта анёл з неба.

Жыццё

Паспрабуем акрэсліць задачы нашага ўрока па словах-падказках:

вызначыцьасноўную думку апавядання;

раскрыцьвобраз маці-сялянкі, якая многае перажыла ў сваім жыцці;

ахарактарызаваць… сродкі мастацкай выразнасці, якія дапамагаюць раскрыць вобраз маці.

         Сапраўды, сёння на ўроку мы будзем гаварыць пра маці, пра яе любоў да дзяцей, пра яе дабрыню і бескарыслівасць, бязмежную адданасць дзецям. Давайце яшчэ раз уважліва прачытаем твор і адкажам, якія пачуцці ўзніклі ў вас пры чытанні апавядання? (настаўнік чытае твор уголас)

III.          Актуалізацыя ведаў, уменняў і навыкаў.

Праверка першаснага ўспрымання твора.

- Якія пачуцці ўзніклі ў вас пры чытанні апавядання? Падзяліцеся сваімі ўражаннямі.

-                    Які ўвогуле настрой прачытанага вамі твора? Адкажыце на пытанне, выкарыстоўваючы толькі прыметнікі.

Прыём “Пытанне-адказ”.

1.  Што можна сказаць пра цэнтральны вобраз апавядання – маці? Якой яна паўстае ў пачатку твора? Паспрабуйце намаляваць славесны партрэт жанчыны (“…на кабеце сядзеў трохі выцвілы сіні бушлат з жоўтымі бляшанымі гузікамі, а на галаве была суконная хустка, закручаная тоўстым рагом кругом шыі. Кабета сядзела згорбіўшыся на пярэднім сядзенні – тварам да ўсіх. Яна неяк нерухома і зацята гладзела сабе пад ногі, старыя яе рукі з набраклымі сінімі жыламі накрыж ляжалі на каленях, палец адзін у яе быў заверчаны белым лапікам, усё роўна як парэзаны сярпом на жніве…”. Адчуваецца, што ў жанчыны было цяжкае жыццё, зусім мала выпала на яе долю шчаслівых момантаў, нават на імгненне становіцца шкада кабету, хочацца сказаць ёй штосьці ласкавае, цёплае, каб хоць на момант яе вочы ўсміхнуліся).

2.       Як жа апавядальнік адносіцца да сваёй гераіні? Ці шкадуе ён жанчыну-пасажырку? Якімі словамі карыстаецца для перадачы сваіх пачуццяў?

         Аўтар адчувае нешта агіднае і непрыемнае на душы, яму падалося, што гэта жанчына многа і даўно п’е, таму што яе твар быў спярэшчаны маршчынамі, а нос быў чырвоны і шырокі. Хутчэй за ўсё яна брыдка лаецца. Вячаслаў Адамчык выкарыстаў незвычайнае параўнанне для перадачы сваіх эмоцый: “У маёй душы рабілася нешта такое, як робіцца з чалавекам тады, калі ён глядзіць у стары занядбаны калодзеж забіты зверху, каб ніхто не ўваліўся, спарахнелымі дошкамі, і там блішчыць вада, але не той цёмнаю глыбокаю чысцінёй, а каламутнасцю; закіданая палкамі, зацярушаная брудам”).

3.      Што прымусіла галоўнага героя змяніць сваё меркаванне адносна кабеты?

           Героя-апавядальніка раптам здзівілі яе рудыя, трохі зеленаватыя выцвілыя вочы і голас жанчыны, які быў маладжавы, мяккі, сакаўны, у ім адчувалася нешта ласкавае і зычлівае. Усе гэтыя дэталі нагадалі аўтару ўласную маці, а ў душы яго абудзілі брыдкасць і сорам, віну перад сабою за благія думкі.

4.      Звярніце ўвагу на эпіграф да нашага ўрока. Як вы разумееце яго сэнс? (Адказы вучняў)

    Прыём “Я – табе, ты - мне”.

         У маіх руках знаходзяцца асобна выбраныя мною ўрыўкі з апавядання “Маці”. Вам  неабходна знайсці ў фразах сродкі мастацкай выразнасці, якімі карыстаецца аўтар, каб раскрыць вобраз маці, назваць іх правільна, даць уласнае тлумачэнне.

“…нязвыклы, непрыгожы твар…” (эпітэт, падкрэслівае, што жанчына не маладая, яна ўжо пабачыла жыццё).

“…старыя рукі з набраклымі сінімі жыламі накрыж ляжалі на каленях…” (эпітэт, жанчына многа працавала ў сваім жыцці, магчыма, і цяпер яна трымае вялікую гаспадарку, каб дапамагчы дзецям, што жывуць у горадзе).

“…палец быў заверчаны белым лапікам, усё роўна як парэзаны сярпом на жніве…” (параўнанне).

“…скажа хрыплаватым, тоўстым голасам…” (эпітэт, герою-апавядальніку падалося, што менавіта такі голас павінен быць у кабеты з такім непрыемным і непрыгожым тварам).

“…вочы былі такія самыя, як у маёй мацеры…” (параўнанне, ад яго павявае цеплынёй, успамінам пра роднага чалавека).

“…на сподзе душы заварушылася нейкая брыдкасць…”(метафара, герою стала сорамна за свае першапачатковыя думкі пра жанчыну-маці)

    Хвіліна творчасці.

         Мне здаецца, што на ўроку кожны з вас у думках звярнуўся да сваёй матулі, спытаў у сябе: “А што я магу зрабіць для таго, каб мой самы дарагі чалавек на зямлі, мая матуля, была шчаслівай?..” Запішыце свае думкі ў сшыткі. Дапамагчы вам змогуць аднакласнікі, якія самастойна падрыхтавалі выразнае чытанне вершаў беларускіх паэтаў, прысвечаных маці (3-4 вучні з класа чытаюць уголас вершаваныя творы).

         Мама мая
Ўсю сваю веснавую пару
Жыла не па-юліянскаму,
Не па-грыгарыянскаму-
Па народнаму вечнаму
Сонечнаму календару.
Да зорак у госці хадзіла,
Калі хто пагубляе кароў.
І ўсю вёску без лекаў лячыла
Найлепшая са знахароў.
Знала, калі трэба сеяць.
І квасіць капусту у час.
Як у нястачы лілеяць,
На ногі паставіць нас.
Аднаго толькі не разумела
Ахвярніца зорак і неба:
Як сябе ў нястачы згалелай
Шкадаваць, ратавацца трэба.
Бо, як конік стары, сцяганы,
З балота насіла вязкі.
І разам са мной старанна
У плуг упрагаліся цяжкі.
За пяцярых мужчынаў
Цягалі на ферме цэбры-
Такім уцякала чынам
Маладосць у асьці і зрэб'і.
Спачываеш пад цёплай хвояй…
А ў мяне ўрос твой цяжкі крыж.
Чаму ж з горкай, скупой слязою
У вачах ты маіх стаіш?
                                    Ніна Аксёнчык    

        Я слаўлю маму
Я слаўлю мамы светлае імя –
Пяшчотнае, нібыта яблынь квецень.
Матулінага сэрца цеплыня
Нас сагравае лепш за ўсё на свеце.
Я слаўлю мамы светлую душу,
Якая разумее нас з паўслова.
Я толькі маму памагчы прашу,
Калі жыццё паставіцца сурова.
Я слаўлю позірк маміных вачэй,
Якія бачаць, што нам невядома.
Даруйце боль праплаканых начэй,
Калі нас доўга не бывае дома.
Я слаўлю маму, бо яна – як Бог –
Усім прабачыць і усё даруе,
Яна для нас сабою ахвяруе,
Як аніхто пакуль яшчэ не змог.
                                  Мікола Ляшчун

I сёння ў памяці не згасла...
I сёння ў памяці не згасла,
Забыцца не магу аб тым,
Як сын спытаў: — Не любіш масла?
— Не, не люблю, — сказала ты.
Не ведала дзіця малое,
Цябе спытаўшыся ва ўпор,
Што аддала на масла тое
Ты улюбёны свой убор.
                                   Пятрусь Броўка

Ты – маці, ты – на ўсё гатова…

Ты – маці, ты – на ўсё гатова,

Усё змагчы, усё аддаць,

Адно вясёлых і здаровых

Дзяцей пад сонцам аглядаць.

Таму сабе ты ў долі просіш

Зусім не шмат, зусім не шмат:

Над галавою неба просінь

Ды ў дзецях лад, у дзецях лад.

                                    Ніл Гілевіч

IV.           Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага.

   Чаму вучыць нас апавяданне? (Любіць сваю матулю, не саромецца казаць ёй ласкавыя і шчырыя словы, заўсёды дапамагаць.)

   Чаму слова «мама» святое? (Маці аснова ўсяго, яна дала нам жыццё, а жыццё гэта самае каштоўнае, што ёсць у кожнага з нас.)

         А цяпер я хачу  звярнуцца да  сонейка, якое ляжыць на парце кожнага з вас. Як вы думаеце, чаго ў ім не хапае? Так, праменьчыкаў. Я хачу, каб кожны на тых праменьчыках, якія ляжаць у вас на сталах, напісаў эпітэт і прымацаваў да фотаздымка з матуляй, каб наша сонейка заззяла, усміхнулася нам. Вочы матуль увесь урок сачылі за вамі, дапамагалі, і зараз вы маеце магчымасць падараваць сваім родным ласкавыя словы.

V.     Рэфлексія.

Сённяшні ўрок мне хочацца завяршыць радкамі Максіма Танка:

           Рукі маці
Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі
I каласамі;
Неба спякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.
Пража нямала
З іх выпіла ў ночы бяссонныя
Свежасці ранняй.
Колькі яны запалілі світанняў,
Зораў над намі.
Колькі сягоння на іх
Віднеецца чорных, глыбокіх
Шрамоў і маршчынаў,
Гэта сляды, што навекі пакінуў
Шлях наш суровы.
Толькі заўсёды,
Як мы зберымося дамоў
I на стол пакладзе рукі маці,
Быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце
I ў сэрцы.

Заданне на дом.

Форма задання незвычайная. Прачытайце сказ.

У Беларусі з 1996 года гэты дзень зацверджаны як Дзень Маці.

Якое старажытнае свята прыпадае на гэту дату? Знайдзіце інфармацыю пра гісторыю яго ўзнікнення.





Комментариев нет:

Отправить комментарий